ТЭРМАДЫНА́МІКА ХІМІ́ЧНАЯ,

раздзел фізічнай хіміі, які вывучае макраскапічныя хім. сістэмы (газападобныя, вадкія і цвёрдыя рэчывы, растворы і інш.) і працэсы (хім. рэакцыі, фазавыя ператварэнні і інш.) на аснове агульных законаў узаемаператварэння цеплаты, розных відаў работы і энергіі. Найважн. раздзелы Т.х.: тэрмахімія, вучэнне аб хім. і фазавай раўнавазе, аб растворах, электрахім. тэрмадынаміка, тэрмадынаміка паверхневых з’яў. Тэарэт. аснова Т.х. — законы (асновы) агульнай тэрмадынамікі.

Першы закон тэрмадынамікі — аснова тэрмахіміі. На другім законе тэрмадынамікі грунтуецца вучэнне аб раўнавазе хімічнай. Яго асн. задача — прадказанне кірунку хім. рэакцыі, яе выхаду і раўнаважнага саставу рэакцыйнай сумесі ў залежнасці ад зыходнага саставу, т-ры, ціску. Паводле трэцяга закону тэрмадынамікі вызначаюць энтрапію рэчываў з каларыметрычных вымярэнняў цеплаёмістасці ў інтэрвале т-р (ад блізкіх да абс. нуля да зададзенай) і цеплавых эфектаў усіх фазавых пераходаў, што адбываюцца ў гэтым тэмпературным інтэрвале. Даныя каларыметрычных вымярэнняў дазваляюць разлічваць канстанты раўнаваг хім. рэакцый паводле іх цеплавых эфектаў і энтрапіі кожнага рэчыва, што ўдзельнічае ў рэакцыі. Тэрмадынамічныя ўласцівасці хім. сістэм характарызуюцца тэрмадынамічнымі функцыямі: патэнцыяламі тэрмадынамічнымі і хімічным патэнцыялам. Змены тэрмадынамічных функцый у хім. рэакцыях звязаны з канстантамі раўнаваг і вызначаюцца паводле іх значэння і тэмпературнай залежнасці, а таксама разлічваюцца метадамі статыст. тэрмадынамікі. У практычных разліках карыстаюцца табліцамі тэрмадынамічных уласцівасцей індывід. рэчываў і раствораў, у якіх звычайна дадзены значэнні энтрапіі, энтальпіі, цеплаёмістасці і некат. інш. функцый у залежнасці ад т-ры і канцэнтрацыі рэчываў. Вынікі і метады Т.х. выкарыстоўваюцца ў хім. тэхналогіі, фізіцы, геалогіі, біялогіі, пры рашэнні многіх практычных задач хім., металургічнай, паліўнай і інш. галін прам-сці.

Літ.:

Карапетьянц М.Х. Химическая термодинамика. 3 изд. М., 1975;

Прикладная химическая термодинамика: Пер. с англ. М., 1988.

У.​С.​Салдатаў.

т. 16, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)